Date: Dec 6, 2013
Па дарозе з аблокамi

Ці здараюцца на нашым жыццёвым шляху выпадкі, пасля якіх увесь свет здаецца падзеленым напалову - расколатым на мінулае, праведзенае нібыта ў тумане, і будучае, дзе на мяжы новага дня ясным сонейкам ззяе надзея? Калі ты раптам зусім нечакана для сябе адчуваеш: вось яно, тое самае, той сэнс, дзеля якога хочацца рухацца далей, кожны раз біць уступным боем бездань бедаў. Мы з маёй субяседніцай Вольгай Сілюк спадзяёмся, што менавіта такой адпраўной кропкай, пачаткам чагосьці нязведанага для многіх стала сустрэча з беларускім касманаўтам Алегам Навіцкім, якая адбылася ў гарадскім планетарыі ў першы дзень лістапада. Вользе дваццаць гадоў, яна вучыцца на трэцім курсе факультэта радыёфізікі і з маленства захапляецца зоркамі на аксаміце неба ўначы. Сваімі ўражаннямі ад небывалага шанца - пабачыць сапраўднага касманаўта, на вачах якога высока-высока над аблокамі нараджалася палярнае ззянне, узыходзіў Месяц і сонечны свет штораз змяняўся цемрай з кожным вітком вакол Зямлі - Вольга згадзілася падзяліцца і з чытачамі нашай газеты.
«Пра сустрэчу я даведалася ад свайго аднагрупніка, - ахвотна пачынае Вольга. - Ён піша курсавую работу ў Аляксандра Аляксандравіча Спірыдонава, які ў нас на кафедры адзін з тых выкладчыкаў, што цікавяцца касмічнымі справамі. Спірыдонаў расказаў пра гэта майму аднагрупніку, а той распавёў астатнім - так мы і даведаліся. Тыя, хто зацікавіўся, адразу запісаліся, бо патрэбна была рэгістрацыя. На самой справе, я даведалася пра ўсё толькі напярэдадні і вельмі чакала гэтай сустрэчы».
Пытаюся: а па чыёй ініцыятыве яна ўвогуле адбылася? «Я дакладна не ведаю, але ж Навіцкі – беларус, магчыма, з’яўляліся ў яго такія думкі...» Вольга пацісквае плячыма, аднак твар яе святлее. «Нават у мяне з’яўляліся такія думкі, - прызнаецца яна. - Чаму б гэта Навіцкаму не прыехаць у Мінск і не арганізаваць для школьнікаў, студэнтаў і, наогул, для ўсіх зацікаўленых людзей такую цудоўную сустрэчу? Навіцкі - трэці беларус, які пабываў у космасе, малады яшчэ, магчыма, не раз туды злётае. І гэта небывалы шанец для дзяцей, студэнтаў - вось так пабачыць яго. Мне здаецца, што такія сустрэчы трэба праводзіць не раз, а рэгулярна, бо яны могуць паўплываць на лёс маладых людзей».
Згодна ківаю. Мне, якой жывы, з плоці і крыві, касманаўт здаецца чымсьці неверагодным, амаль легендарнай асобай, таксама асабліва цікава, якім Навіцкі паўстаў перад сваімі слухачамі, якое ўражанне пакінуў. «Ён мне падаўся вельмі спакойным. Напэўна, касманаўт такім і павінен быць. Навіцкі казаў: у першыя хвіліны, калі ты прарываешся скрозь атмасферу Зямлі на ракеце, табе хочацца хутчэй кінуцца да ілюмінатара, глядзець на Зямлю – як гэта цудоўна, як гэта незабыўна, як гэта прыгожа, як пра гэта марылася - але трэба працаваць, трэба кіраваць, рабіць нататкі і сачыць за апаратурай. Нягледзячы на тое, што асноўная праца ў космасе – фізічная, псіхалагічныя паказчыкі важныя не менш. Вельмі часта адказваў на пытанні з гумарам. Але стваралася ўражанне, што ён на нас глядзіць, усміхаецца, а сам недзе там, высока. Ён адзіны з усёй аўдыторыі бачыў нешта такое, чаго мы, напэўна, ніколі не пабачым. І гэтыя дзеці з вялікімі вачыма, якія глядзяць на яго - здаецца, дробязь, але такая прыемная дробязь. Я сустракалася з многімі цудоўнымі аратарамі, якія так натхнёна пра нешта размаўлялі, да слёз даводзілі сваімі словамі. Ён распавядаў усё спакойна. Падаў сябе звычайным і адначасова вельмі незвычайным чалавекам.
Потым задавалі пытанні. Спачатку на яго “накінуліся” школьнікі: цікавіліся адчуваннямі, марамі ў дзяцінстве, пыталіся пра тое, чым харчуюцца ў космасе, як спяць, якія сны бачаць. Навіцкі, дарэчы, сказаў, што нават на Зямлі бачыць сны рэдка». Ці спрабавала сама Вольга спытаць яго пра што-небудзь? Так, сапраўды, - сцвярджае мая субяседніца - пыталася, ці часта ён прыязджае ў Беларусь. Як высветлілася, Навіцкі бывае тут, бо ў родным Чэрвені ў яго засталася мама. «Само сабой, з’явілася наступнае пытанне: а што адчувала мама? Ён адказваў: плакала – ад радасці, што я паляцеў у космас. А вось жонка касманаўта, пакуль муж быў у космасе, пісала кнігу. І нават не супраць, каб ён паляцеў яшчэ раз: хоча напісаць другую частку.
Яшчэ такі цікавы факт: Навіцкі ў космасе Новы год сустракаў. І адтуль тэлефанаваў сваёй аднакласніцы, якая працуе журналістам у газеце “Звязда”. Уяўляеце: атрымаць навагоднія віншаванні з космасу! Яна потым напісала некалькі цікавых артыкулаў у газету пра свайго сябра».
На маё пытанне, ці дастаткова часу было адведзена для размовы з Навіцкім, Вольга адказвае адназначна і не без шкадавання ў голасе: недастаткова. «Разам з тым, што мы засталіся браць аўтографы і фатаграфавацца... Дзесьці каля гадзіны. Гэта вельмі няшмат. Тым больш, што такія незабыўныя душэўныя сустрэчы пралятаюць імгненна, аднак застаюцца ў памяці на ўсё жыццё».
Калі настаў час развітвацца – настаў нечакана, праляцеўшы за гутаркай аб Навіцкім, космасе і зорных марах, Вольга прамовіла, быццам падвяла вынікі нашай сустрэчы: «Галоўнае, каб чалавек чымсьці цікавіўся... Тады ўсё магчыма». Бо гэта менавіта тое, што робіць нас бясконцымі – сіла думкі, якая набывае абрысы, скіраваная ў карыснае рэчышча. І хто ведае, з якой вышыні вы некалі ўбачыце першыя промні, што сонца пасылае праз васьміхвілінную чорную бездань ў новы дзень?
Дар’я Дубава